Развіццю беларускай мовы ў ХV – ХVІ ст. ст.
садзейнічалі яе значныя культурныя і грамадска-палітычныя функцыі: яна
з’яўлялася дзяржаўнай мовай, а таксама асноўным сродкам міжэтнічных зносін у
Вялікім княстве Літоўскім.
На беларускай мове ўпершыню ў
гісторыі усходніх славян на пачатку ХVІ ст. з’явіліся друкаваныя кнігі. У гэты час жылі і
працавалі такія вядомыя асветнікі, вучоныя, перакладчыкі, людзі
энцыклапедычнай адукаванасці, як Ф. Скарына, С. Будны,
С. Полацкі, В. Цяпінскі, А. Рымша і іншыя. ХVІ ст. было перыядам
высокага ўздыму беларускай юрыдычнай думкі.
Збор законаў дзяржавы – «Статут Вялікага княства Літоўскага»
(1529 г., 1566 г., 1588 г.) стаў асновай для
ўпарадкавання права нават у многіх суседскіх дзяржавах, у прыватнасці Прусіі,
Польшчы, Расіі. Статутам карысталіся ў Латвіі, Эстоніі і іншых краінах.
Прыведзеныя звесткі даюць падставу называць ХV – ХVІ ст. ст. «залатым
векам» у гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мовы.
Аднак далейшы ход развіцця
беларускай народнасці быў надзвычай неспрыяльным. Пасля Люблінскай уніі
1569 г. паступова Вялікае княства Літоўскае ператварылася ў нацыянальна
залежны край польскай каралеўскай улады. Да таго ж землі княства Літоўскага
сталі арэнай безупынных ваенных сутычак Рэчы Паспалітай з Расійскай імперыяй у
ХVІІ ст. У выніку
гэтага з 3,6 млн. чалавек насельніцтва зменшылася да 1,8 млн. Усё
гэта моцна тармазіла сацыяльнае, культурнае, духоўнае развіццё беларускага
народа, развіццё яго мовы. З цягам часу беларуская мова пачала выцясняцца з
розных форм пісьменнасці польскай мовай. У 1696 г. Варшаўскі сейм прыняў
пастанову паводле якой афіцыйна-справавую перапіску і дакументацыю трэба было
весці толькі па-польску. Паступова старабеларуская мова выцясняецца з усіх
грамадскіх сфер жыцця і прыходзіць у поўны заняпад.
Пасля ўваходу беларускіх земляў у
1795 г. у склад Расійскай імперыі сацыяльны і нацыянальны прыгнёт
беларускага народа не зменшыўся, беларуская мова па-ранейшаму не дапускаецца ў
афіцыйны ўжытак. У 1840 г. цар Мікалай І выдае загад аб увядзенні на беларускіх
землях рускага заканадаўства і рускай мовы ва ўстановах. Акрамя папярэдняй
паланізацыі цяпер беларусы зазналі яшчэ і русіфікацыю.
Менавіта ў час заняпаду ў
асяроддзі перадавой часткі беларускага грамадства ўмацоўваецца разуменне
самабытнасці беларускага народа. Адсюль бярэ пачатак беларускае нацыянальнае
Адраджэнне.
Новая беларуская нацыянальная
літаратурна-пісьмовая мова фарміруецца ў творчасці прадстаўнікоў
беларуска-польскага асветніцтва першай паловы ХІХ ст. Я. Чачота,
Я. Баршчэўскага, В. Дунін-Марцінкевіч і іншых. У другой палове
ХІХ ст. гэтую справу свядома праводзілі ў жыццё К. Каліноўскі,
Ф. Багушэвіч, пазней – Я. Купала, Я. Колас,
М. Багдановіч, А. Гарун,
С. Палуян і іншыя пісьменнікі і публіцысты «нашаніўскага» накірунку.
Аднак ва ўмовах адсутнасці
ўласнай дзяржаўнасці, забароны мовы ў сферы афіцыйна-справавых зносін працэс
складвання сучаснай (новай) беларускай літаратурнай мовы расцянуўся больш чым
на стагоддзе. Па сутнасці, яшчэ ў пачатку ХХ ст. яна была неўнармаванай,
развівалася ў асноўным у жанрах мастацкай літаратуры. Найбольш спрыяльнымі для
беларускай мовы былі 20-я гады ХХ ст., калі ажыццяўлялася палітыка
беларусізацыі, калі беларуская мова набыла статус дзяржаўнай. На ёй працавала
абсалютная большасць школ, тэхнікумаў, ВНУ, яна стала мовай справаводства,
навукі, суда і г.д.
Але пачынаючы з 30-х гадоў
паступова звужаюцца сацыяльныя функцыі беларускай мовы і наступае час
мэтанакіраванага выцяснення нацыянальнай мовы са сферы навучальна-выхаваўчага
працэсу ў школе і іншых сфер зносін. Яна ўступае адну пазіцыю за другой рускай
мове, якая, па сутнасці, са сродку міжнацыянальных зносін ператварылася ў
дзяржаўную мову рэспублікі. Страта роднай мовы ўскладніла моўную сітуацыю ў
Беларусі, затармазіла яе культурнае развіццё, самым адмоўным чынам паўплывала
на стан нацыянальнай самасвядомасці народа, спарадзіўшы сярод беларусаў вялікую
колькасць нацыянальных нігілістаў.
|